Лістападаўскі сейшн у Hippie House не прынёс расчаравання.
Многім спадабаліся і Ігар, больш вядомы як Вожык, і маскоўская каманда “Акваланг”, якіх гасцінна прымаў у сваім не менш гасцінным доме Сябар Макс. Мне асобага расчаравання гэтая пара таксама не прынесла, але і поўнага кайфу ад іх я не злавіў.
Вожык грае ў полацкім гурце “Сумарок”, які ўжо запісаў поўнафарматны альбом і, калі верыць Вожыку, працуе над другім. У хлопца відавочнае раздваенне асобы: яму падабаецца і ствараць свае аўтарскія песні, якія ніяк не прэтэндуюць на рок-хіты, і стаяць на сцэне перад сцяной публікі на рок-канцэртах. Раздваенне яшчэ больш павялічваецца, калі высвятляецца, што ён спявае і на расійскай, і на беларускай мовах. За свой выступ ён выканаў 19 песень, таму матэрыялу цалкам хапіла для дастаткова поўнага ўражання аб ягонай творчасці. Вожык – беларускі інтэлектуал, і гэта добра.
Дрэнна тое, што ён у сілу свайго маладога веку яшчэ не мінуў перыяд знаходжання пад уплывам іншых выканаўцаў і паэтаў. Сярод выканаўцаў кумірамі Вожыка з’яўляюцца Арбеніна і Сурганава. І гэта адразу прыкметна: ужо другая песня Ігара была “Опасное лето” Дыяны Арбенінай. А трэцяй – “Ветах” на словы полацкага паэта Алеся Аркуша. Рызыкую наклікаць на сваю галаву гнеў фанатаў лідаркі “Ночных снайперов”, але скажу без эстэтскага камуфляжу: Арбеніна – пасрэднасць, слухаючы якую і захапляючыся якой можна вырасці толькі ў гэткую ж пасрэднасць. Zемфіра на рубель даражэй будзе. Усе яны яўна маюць комплекс магутнага ўплыву БГ з ягонай асацыятыўнай паэтыкай і вобразнасцю. Але калі ў БГ – культура, узровень, нарэшце талент, то за Арбенінай нічога падобнага не адчуваецца. Адчуваецца толькі вялікае жаданне падладжвацца пад БГ, рабіць не горш, а падладжванне, як правіла, адбываецца на ўсё больш і больш нізкім узроўні.
Таму не-не, ды й натыкаешся на розныя паэтычныя “шэдэўры” Арбенінай, кшталту Ты любила холодный, обжигающий «Вискас», / И неслышно касалась руки. Гэта пра каго? Дарэчы, гэтую песню Арбенінай Вожык таксама спяваў у Hippie House. Вось яшчэ адна цытата з рэпертуару Вожыка пяра Арбенінай: Прощально к тебе наклоняюсь, / А в барабане – две пули. / Я дожила до тебя, / Календари врут: / Мы вместе спустили курки / И разом упали. Таму параю Вожыку не слухаць больш ані Арбеніну, ані Сурганаву, якая, ў адрозненне ад першай, да таго ж яшчэ грашыць і музычнымі амаль цытатамі. Лепш ужо пісаць песні на словы І. Бродскага ці Аркуша (было тры такіх).
А яшчэ лепш пісаць на свае словы. Тады гэта будзе сапраўдная аўтарская песня. Такія ёсць у Вожыка, і гэта пакідае месца для спадзеваў на лепшае: Беспощадная тишина разбросала нас по углам… / Я спросил небо: где ты? / И оно отвечало: я – здесь. Праблема новага пакалення ў тым, што ў яго галава забітая розным інфармацыйным шалупіннем розных сучасных “мыльніц”: Я прынёс хештэк у свой дом, / У вушы ляціць пусты інфармацыйны лом. Вось з зусім новага, яшчэ без назвы, напісанага ў цягніку Віцебск – Орша: Карміў працэсар – нулі і адзінкі, / Карміў марскіх свінак, / Ды трапіў у Навінкі (думаю, нікому не трэба тлумачыць, як Вожык, што такое Навінкі). Я не ведаю, што такое хештэк, і, спадзяюся, пражыву як-небудзь без гэтага ведання, а вось новае пакаленне – не. Часам “арбеніншчына” прарываецца і ва ўласнай творчасці Вожыка: Чуткі трымцяць павуціннем, / Каверы вочы змусяць / Верыць у лёс Беларусі / Шчаслівы. Па мне, дык больш удала гучыць іншае: Мне часта хлусілі, / Мне часта хлусілі, / А я на веру браў слова, / Верыў, што будзе клёва.
“Акваланг” на сцэне ўжо 15 гадоў, але чую іх упершыню. І гэта ўжо само па сабе многае тлумачыць. Яны з плыні так званага новага рускага року. У іх музыцы амаль няма драйву, які прарэзаўся толькі ў фінальнай песні сета “Сельское буги”. Гэта інтэлектуальная плынь расійскага рок-н-ролу. Яны прыехалі без сваёй клавішніцы і другой вакалісткі гурта, яны не прызнаваліся ў любові да Арбенінай і Сурганавай. Я ны проста гралі. І тым не менш у іх песеннай паэзіі трывала выплывалі цытаты з таго ж БГ. Цытаты як прамыя, гэтак і апасродкавыя: Я не уверен, что земля была нашей, / И что ее нужно вернуть. Ладна, няхай гэта не цытата, а палеміка з БГ. А во гэта табе, чытач, нічога не нагадвае: Лучше не делать, / Чем делать наполовину… На щеке, / А не на коне, / Лишь бы в центре, / А не в стороне? Ці, скажам, гэта: Вода хлещет с этажа на этаж… У БГ, праўда, горящая нефть хлещет с этажа на этаж. Часта словы песень, як і ўсё, што было запазычана з чужога пляча, нясуць налёт непрыхаванай банальшчыны: Ночь, туман, а звёзды как искры, / Жизнь порой летит слишком быстро…/ Ночь, костёр, сотни историй, / Ты – моя бухта у моря. Ці вось яшчэ: Если будет Луна, / Значит будет трава… Ты можешь думать – это миражи, / Но это ангелы трубят. Нешта больш-менш арыгінальнае і не надта банальнае сустракаецца не часта: Я – город без архитектора, / Я – мокрый след протектора… Я – глина, Возьми меня в руки, / Придай мне форму, я умираю со скуки (песня “Глина”).
У музыцы цытат паменш, хаця і там яны ёсць. Граюць усё чысценька, правільна, але музыка безнадзейна стандартна бязлікая. Цяпер такіх каманд сотні. У гэтым плане ў лепшы бок вылучалася толькі разгорнутая кампазіцыя пра нейкага плотніка Пятра (таксама нешта нагадвае з Бібліі) з нечаканым гучаннем армянскага дудука. Ім бы пасядзець “у вакуўме” з месяц, выключыўшы ўсе свае “мыльніцы”. Тады можа і прыйдзе нешта сваё, цікавае, непадобнае.
Але самы забаўны момант у канцэрце “Акваланга” быў зусім не музычнага кшталту; напачатку адной з песень Саша Мухін раптам падскочыў да вакаліста Андрэя, вырваў у яго з рук мікрафон ды пракрычаў у яго нешта ў сваім стылі – ненарматыўна-п’яное. Вакаліст ад нечаканасці збіўся, і песню прыйшлося пачынаць з пачатку… Падобна на тое, што Мухін становіцца дэкаратыўна-фальклорнай адметнасцю Hippie House, нечым накшталт мясцовага клоуна. Становіцца нават цікава – якіх коней ён выкіне наступным разам?
К. ЮРСКІ-МЕЗАЗОЙСКІ