Аршанскія дарогі ротмістра Якабіні

Новости культуры
0
(0)

Зміцер Дзядзенка

Набліжаецца 100-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, і ў сувязі з гэтым хочацца згадаць пра аршанскія падзеі, звязаныя з гэтай датай.

Гаворка пойдзе пра афіцэра, ураджэнца Аршаншчыны Рычарда Якабіні.

У апублікаваных крыніцах і даследаваннях гэтае імя нярэдка ўсплывае, калі гаворка ідзе пра Воршу канца 1917 г. — пачатак 1918 г.

Пра яго лёс да гэтага часу пакуль што вядома мала — хіба толькі тое, што сам ён нарадзіўся на Аршаншчыне, а бацьку яго клікалі Адольфам.

У брашуры «Усходняя Беларусь. Статыстычныя і гістарычныя матэрыялы», выдадзенай у 1918 г. у Менску, аўтар (які схаваўся пад крыптанімам «А.І.») называе імя Рычарда Якабіні ў ліку іншых афіцэраў, якія так ці іначай падтрымалі беларускі рух: «Яшчэ да вайны і рэвалюцыі звяртаюць на сябе увагу /…/ афіцэры: генерал Кандратовіч, генерал Алексееўскі, генерал Караткевіч, палкоўнік Курат, К.Езавітоаў, М.Косцевіч, Е.Ярушевіч, А.Зянюк, Р.Якубеня /…/».

12 студзеня 1918 г. газета «Оршанский вестник» паведамляла: «На днях у раён Аршанскага павета прыбыў 1-ы Беларускі конны дывізіён, які знаходзіцца яшчэ ў перыядзе фармавання. Дывізіён часова спыніўся ў в.Барань. Камандзір дывізіёна Якабіні — ураджэнец Аршанскага павета». Найхутчэй, прыбыццё гэтай вайсковай адзінкі ў ваколіцы Воршы адбылося яшчэ пад канец студзеня 1917 г., пра што будзе сказана ніжэй.

Фармаванне дывізіёна (які потым быў разгорнуты ў полк) пачалося яшчэ ў ваколіцах Пскова, і займаўся гэтым не менш вядомы ў гісторыі Беларусі Канстанцін Езавітаў, які быў тады яшчэ ў чыне паручніка.

Гісторык Алег Латышонак у кнізе «Беларускія вайсковыя фармацыі. 1917-1923», выдадзенай у 1995 годзе ў Беластоку пісаў: «Паручнік К.Езавітаў распачаў стварэнне беларускага палку ўланаў у ваколіцы Пскова. Зачаткі той фармацыі былі перанесеныя ў Беларусь, да мясцовасці Красное пад Воршай, пад назовам Беларускага коннага палка. Гэтай адзінкай, у сутнасці эскадронам, кіраваў ротмістр Р.Якубеня».

Як бачым, ёсць разыходжанні наконт таго, дзе размясціўся полк. Але большага даверу, мабыць, заслугоўвае паведамленне наконт Барані, апублікаванае непасрэдна ў тагачаснай прэсе.

Варта звярнуць увагу і на форму напісання прозвішча. У тагачасных дакументах фігуруе форма «Якабіні», у мемуарах гэтае прозвішча змяняецца, беларусізуецца і пішацца ўжо «Якубеня». Але абедзве формы не павінны нас уводзіць у зман — гаворка ідзе пра аднаго і таго ж чалавека.

Можна меркаваць, што палітычнае становішча Якабіні было няпростым. Ворша была фактычна прыфрантавым горадам, барацьбу за ўладу, як і на ўсіх абшарах былой Расійскай імперыі, вялі самыя розныя сілы. Пры гэтым сам Якабіні, як ужо зазначалася вышэй, выказаў сябе як прыхільнік беларускай ідэі.

Тым часам у снежні 1917 г. у Мінску бальшавікі разагналі Усебеларускі з’езд. Падуладныя ім органы на тэрыторыі Беларусі прымалі пастановы супраць незалежнасці Беларусі. Так, «Оршанский вестник» у №977 за 1 студзеня 1918 года публікаваў пратакол пасяджэння сялянскага з’езда Аршанскага павета. У дакуменце гаварылася, што «сепаратысцкі рух, узняты беларускай буржуазіяй, накіраваны на тое, каб раздрабніць рэвалюцыйныя сілы пралетарыяту і найбяднейшага сялянства Расіі і такім чынам нанесці ўдар рэвалюцыі». Сход спасылаўся на тое, што пры аддзяленні Беларусі стануць несапраўднымі дэкрэты пра бясплатны пераход памешчыцкіх земляў у рукі сялянаў ды інш. З гэтага рабілася выснова: «Усялякія спробы аб аддзяленні Беларусі ад астатняй Расіі ў момант сацыяльнай рэвалюцыі лічыць контррэвалюцынымі і абвясціць самую рашучую, самую бязлітасную барацьбу беларускай буржуазіі і яе Радзе — прызнаць і падтрымліваць усімі мерамі на месцах толькі ўладу Саветаў Рабочых, Салдацкіх і Сялянскіх і іншых Дэпутатаў, як адзіных выразнікаў волі большасці насельніцтва».

Дарэчы, у зборніку «Вялікая кастрычніцкая рэвалюцыя ў Беларусі. Дакументы і матэрыялы. Том 2. Кастрычнік 1917 г. — сакавік 1918 г.» (Менск, 1957) публікуецца заява камітэта Беларускага коннага дывізіёна аб падтрымцы ўлады Саветаў. Пад заявай стаяць чатыры подпісы, першым ідзе — «камандзір дывізіёна Якабіні». Заява ў падтрымку ўлады Саветаў была абнародаваная ў газеце «Оршанский вестник» за 22 студзеня. У гэтай жа заяве дывізіён прасіў дапамагчы ў фармаванні.

Здавалася б, ніякіх складанасцяў у адносінах паміж Беларускім конным дывізіёнам і аршанскімі бальшавіцкімі ўладамі няма.

Але праз некалькі тыдняў сітуацыя мяняецца карэнным чынам. Ужо ў нумары «Оршанскага вестника» за 13 (26) лютага паведамляецца: «Паводле пастановы салдатаў першага беларускага коннага дывізіёна арыштаваны каманждзір гэтага дывізіёна — Якабіні». Адзначаецца, што гэты арышт ратыфікаваў (то бок, ухваліў) Выканаўчы камітэт рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Аршанскага раёна. Пры гэтым прычына арышту не паведамляецца.

Што ж адбылося за гэтыя тыдні?

Як вынікае з успамінаў удзельнікаў тых падзеяў, Рычард Якабіні паспрабаваў узяць у Воршы ўладу ў свае рукі, каб перадаць яе правамоцнай Беларускай Радзе. Паводле мемуараў, сябра Вайсковай Рады Шыла даслаў з Менску тэлеграму, каб Якабіні арыштаваў вярхушку беларускіх бальшавікоў, што ўцякала праз Воршу да Смаленска ад нямецкага наступу. Згаданая тэлеграма была перахопленая бальшавікамі. Як зазначае ў сваіх успамінах Макар Краўцоў, » шмат меў клопату Якубеня, калі быў арыштованы пасля перахвату гэтай тэлеграмы бальшавікамі». Гэтую ж інфармацыю паўтарае ў сваёй працы гісторык Латышонак, які зазначае, што «супраць бальшавікоў выступіў таксама беларускі эксадрон у Воршы». Паведамляецца, што гэтая спроба скончылася няўдачай, і ротмістр Якабіні сам трапіў у рукі бальшавікоў.

Гісторык Уладзімір Ляхоўскі, спасылаючыся на аўтабіяграфічныя нататкі Васіля Русака, паведамляе іншыя акалічнасці, якія маглі паўплываць на такую рэзкую перамену. Паводле яго, ротмістра Якабіні і яго вайсковую адзінку планавалася запрасіць для аховы Усебеларускага з’езду, які праходзіў у Менску ў снежні 1917 г. З гэтай мэтай Беларуская вайсковая рада ў апошнія дні снежня адправіла ў Воршу сяброў вайсковай секцыі падпаручніка Русака і яфрэйтара Мікалая Шылу. Паведамляецца, што Якабіні і яго эскадрон былі гатовыя падтрымаць Усебеларускі з’езд.

«Абставіны і вынікі «аршанскай місіі» да сённяшняга дня не высветленыя. Беларусы, у кожным разе спазніліся. У ноч з 30-га на 31-га снежня (паводле новага стылю) Усебеларускі з’езд быў разагнаны салдатамі мясцовага гарнізона Аблвыкамзаху», — канстатуе Ляхоўскі.

Ён жа паведамляе, што Васіль Русак, які перайшоў на нелегальнае становішча, у гэты час ездзіць паміж менскім цэнтрам і беларускімі вайсковымі камітэтамі ў Віцебску і Воршы. Такім чынам, можна меркаваць, што Якабіні падтрымліваў сувязь з Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Радай.

Не выключана, што камандзір Беларускага коннага дывізіёна сапраўды спрабаваў узняць мяцеж. У згаданай працы Латышонка гаворыцца, што ў лютым 1918 года ў Віцебску ўлада перайшла ў рукі мясцовай Рады, якая пачала рыхтаваць вайсковую дапамогу для Менску, «у бок якога пачаў таксама прабівацца беларускі эскадрон з Воршы». Паводле Латышонка, бальшавікі раззброілі гэтую вайсковую адзінку.

Пацвярджэннем гэтаму можна разглядаць згадку ў кнізе А.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі», выдадзенай у Менску ў 1931 г. У ёй цытуецца мемарандум Вайскова-дыпламатычнай місіі Рады БНР у Латвіі і Эстоніі на імя статс-сакратара замежных спраў ЗША ад 20 студзеня 1920 года. «Павелічэнне беларускіх войскаў, настроеных яўна па-антыбальшавіцку і па-антыгерманску, страшўна непакоіла бальшавікоў/,/ і яны ў цэлым шэрагу гарадоў (Віцебску, Смаленску, Воршы і Менску) напалі на беларусаў і спрабавалі раззброіць іх. Спроба гэтая ў Віцебску, Смаленску і Воршы ім цалкам удалася, нязначныя беларускія часці, якія стаялі ў гэтых гарадах, пасля адчайнага супраціву былі раззброеныя».

Тым не менш, Рычард Якабіні ў гэтыя складаныя дні не загінуў. Яго імя сустракаецца ў дакументах БНР пазнейшага часу, пра што сведчыць зборнік «Архівы БНР», складзены Сяргеем Шупам і выдадзены ў 1990-х гадах. Адтуль мя давдваемся, што штаб-ротмістар Якабіні ўваходзіў у Раду БНР “ад Вайсковых Беларускай службы”.

15 чэрвеня 1918 года сябра Рады БНР Якабіні хадайнічаў пра кампенсацыю яму грошай, затрачаных на фармаванне Беларускага коннага палка. З гэтага вынікае, што фармаванне таго самага дывізіёна, які базаваўся пад Воршай, адбывалася часткова на сродкі самога камандзіра.

Рычард Якабіні браў актыўны ўдзел у дзейнасці органаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, 9 жніўня 1918 г., згодна з дакументамі, Якабіні вяртаўся ў Менск з Украіны. А 8 кастрычніка яму было выдадзена пасведчаньне Надзвычайнай Дэлегацыі Рады БНР у тым, што ён з’яўляецца радным Дэлегацыі.

На жаль, пакуль што далейшы лёс ротмістра Рычарда Якабіні невядомы.

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА

А.І. Усходняя Беларусь. Статыстычные і гістарычные матэрыялы. Менск, 1918

Архівы БНР. Т.1, кн. 1. Вільня—Нью-Ёрк—Менск—Прага

Великая Октябрьская социалистическая революция в Белоруссии. Документы и материалы. Т. 2 (октябрь 1917 г. — март 1918 г.). Мн., 1957

Краўцоў Макар. Рада Беларускае Народнае Рэспублікі // Спадчына № 1, 1998.

Газета «Оршанский вестник». 1918 г.

А. Зюзькоў. Крывавы шлях беларускай нацдэмократыі. Менск, 1931.

Latyshonek Oleg. Bialoruskie formacje wojskowe. 1917 – 1923. Bialystok 1995

Ляховский В.В. «Не палите мои здабытки огнем…» Судьба и «дело» слуцкого повстанца Василия Русака на фоне политических событий первой половины ХХ ст. // От «германской» к гражданской: Становление корпуса народных вожаков русской смуты. Сборник статей и материалов. Составитель и научный редактор Посадский А.В. Москва, 2014.

Нажмите на звезду, чтобы оценить материал!

Средняя оценка 0 / 5. Количество оценок: 0

Оценок пока нет. Поставьте оценку первым.

Так как вы нашли эту публикацию полезной...

Поделитесь статьей в соцсетях!

Добавить комментарий