У памяць пра ўраджэнца Вушачаў, славутага паэта Рыгора Барадуліна, будзе перайменавана вуліца, дзе стаіць дом паэта. Гэта будзе першая вуліцы імя Барадуліна на Віцебшчыне.
Таксама імя паэта будзе насіць школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. А ў Вушацкім музеі пашыраць частку экспазыцыі пра знакамітага земляка.
З ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадскіх аб’яднанняў. На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкама з’явіўся адказ адказ наконт ушанавання памяці паэта на ягонай малой радзіме.
Віцебскі аблвыканкам паведамляе, што разгледзеў адпаведныя звароты, накіраваныя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, і «ў межах кампетэнцыі паведамляе»: «Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца работа па перайменаванні вуліцы Школьная ў гарадскім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна». Апрача таго, у Вушацкай школе прайшоў сход працоўнага калектыву, які ўхваліў прысваенне гэтай ўстанове імя Рыгора Барадуліна. А ў Вушацкім музэі народнай славы «плануецца значна пашырыць гісторыка-біяграфічную частку экспазыцыі, прысьвечаную Рыгору Барадуліну».
На вуліцы Школьнай стаіць і хата Рыгора Барадуліна — цагляны дамок, пабудаваны на месцы старой хаткі, дзе прайшло маленства паэта. За домам №6, куды ў апошнія гады з-за кепскага здароўя паэт ужо не мог наведвацца, дбайна даглядаюць суседзі. Навіну пра перайменаванне вуліцы ў гонар знакамітага паэта, суседа, сябра і земляка, жыхары Школьнай прынялі з радасцю: яны выказваюць меркаванне, што ў кожным мястэчку павінна быць ушанавана памяць пра мясцовых ураджэнцаў.
Паводле апошняй волі Рыгора Барадуліна, яго пахавалі на вушацкіх могілках, побач з маці, Акулінай Андрэеўнай. Знайсці магілу паэта вельмі проста: вушацкія ўлады паклапаціліся пра наведнікаў і развесілі на дрэвах адмысловыя указальнікі. На падворку хаты па вуліцы Школьнай, 6 таксама парадак: работнікі ЖКГ косяць траву, а бліжэйшыя суседзі клапоцяцца пра парадак у садзе. І пра тое, каб дом без гаспадароў не стаў ахвярай рабаўнікоў, як было ўжо двойчы ў мінулыя гады, пакуль не паставілі ахоўную сігналізацыю.
Хата Рыгора Барадуліна на вуліцы, якая пакуль што яшчэ завецца школьнай, таксама ўжо стала турыстычным аб’ектам: цікаўныя госці райцэнтру любяць тут фатаграфавацца, уяўляючы побыт знакамітга паэта. Захаваўся ў Вушачах і будынак школы, дзе некалі вучыўся Рыгор Барадулін. Зараз там таксама вучацца школьнікі – гэта частка вялікай школьнай»гаспадаркі», якая сёння складаецца з трох карпусоў. На самым новым, які выходзіць тарцом на цэнтральную плошчу Вушачаў, і будзе размешчана шыльда пра тое, што гэтая ўстанова адукацыі носіць імя Рыгора Барадуліна. Паводле словаў дырэктара, В.Клімашэўскага, мэмарыяльная шыльда можа зьявіцца якраз да пачатку навучальнага году.




