21 сакавіка з 1999 года па ініцыятыве ЮНЭСКА увесь свет адзначае Дзень паэзіі. Паэтычныя радкі, што нараджаюцца у таямніцах душы песняра, абуджаюць нас, акрыляюць, даюць сілы і веру ў сапраўднае, непадкупнае…
Як прырода ажывае ў сакавіцкія дні, так і паэзія дапамагае адчуваць бясконцую любоў да жыцця. Нішто ў жыцці не адбываецца выпадкова. І тое, што верш нашага славутага земляка Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны роднаму гораду, быў надрукаваны менавіта ў сакавіцкім нумары “Полымя” у 1956 годзе – таму пасведчанне.
Уладзімір Караткевіч
Орша
Яна не блішчыць красою,
А ў сэрца навек запала
З паркам сваім змарнелым,
З сваёй Кабыляцкай гарой,
З лянівай сястрой Аршыцай,
Што летам бруіцца памалу
Ў шырокі, як песня наша,
Магутны, сівы Дняпро.
Хаткі, што да абрыву,
Як ластавак гнёзды, туляцца —
Родныя і дарагія,
Як поціск сяброўскай рукі;
Брук, размыты дажджамі,
Пыльныя ўскраіны вуліцы,
Куродым на сценах будынкаў,
Дальнія цягнікі.
Далёка яна ад мяне,
Адзіная і дарагая,
Ў чорных істужках чыгунак,
Што ўсю яе абвілі,
З народам сваім, што ў бітвах
Ніколі не памірае:
Заслонава слава звоніць
На ўсіх перагонах зямлі.
Калісьці… Было і такое…
Хацелі пазбавіць крылляў…
Быдлам нас называлі,
А ўсё ж такі мы былі
Нязломнымі ў чорнай бядоце,
Гордымі і ў бяссіллі,
Бо род наш быў пралетарскі,
А рукі — у чорным вуглі.
Мы паціскалі плячыма,
Калі нам з пагардай казалі,
Жадаючы ў час вясёлы
Рабочы наш род абсмяяць:
«Знаёмяцца ў вас на вапне,
На вапне вы нараджаліся,
Вапна ўсіх вас карміла,
У вапне вам і ляжаць».
Паслухайце: наш ён, наш горад,
Няхай і суровы часам, —
Працоўнае гордае права
Здабыў у цяжкой барацьбе,
Гэта наш родны горад,
Яму не патрэбны прыкрасы,
Ён сам для сябе прыкраса
І гордасць — сам для сябе.
Мы цягнікі вадзілі,
Палотны на фабрыках ткалі,
Лес магутны валілі
І ўмелі плавіць метал,
У цёмных каменяломнях
Белы вапняк ламалі,
Гліну і торф здабывалі, —
Гарачы у нас запал!
Як толькі цёмнаю ноччу
Вочы свае закрываю,
Адразу я Оршу бачу
З яе няяркай красой,
З бярозамі над Аршыцай,
З вясёлым сонейкам мая,
З блакітам першых пралесак
У косах каханай маёй.
Тут нарадзіліся думкі,
Воля, імкненні, жаданні,
Тут стаў я сынам краіны,
Абпален яе агнём…
Таму і люблю я Оршу
Першым вялікім каханнем,
Якое не знікне, пэўна,
Нават з маім жыццём.